Беларуская хатка

Экспазіцыя філіяла «Беларуская хатка» — гэта своеасаблівы працяг экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яна прысвечана мінскаму перыяду жыцця класіка, а таксама літаратурна-грамадскаму руху пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску.

Філіял знаходзіцца ў доме, пабудаваным у 1904 г. на вул. Мала-Георгіеўскай (сучасная вул. Талстога). Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з М.Багдановічам. У 80-х гадах ХХ ст. уратаваны ад зносу дом быў зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна на сто метраў ад свайгоколішняга месца). У той жа час распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла. Пасля рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд і 25 чэрвеня 1991 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

Дом-флігель калісьці належыў Саве Рэдзьку, настаўніку вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі, які здаваў яго пад кватэры. На пачатку Першай сусветнай вайны беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч Усевалад Фальскі наняў будынак пад бясплатную сталоўку для бежанцаў. Пазней, калі хваля ўцекачоў спала, у правай частцы дома кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй. У адным з пакояў гэтай кватэры (з кастрычніка 1916 па люты 1917 гг.) давялося жыць Максіму Багдановічу. Таму пры стварэнні экспазіцыі ў супрацоўнікаў музея стаяла задача не толькі распавесці пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, пра беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух у Мінску на пачатку ХХ ст., але і цалкам аднавіць пакой паэта, паказаць побыт гараджан падчас Першай сусветнай вайны на прыкладзе пакояў З. Бядулі і яго сясцёр.

Мемарыяльны пакой паэта адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, Лявона Зайца, Змітрака Бядулі. Стварыць атмасферу часовага прытулку хворага Багдановіча дапамаглі рэчы-аналагі і мэбля пачатку ХХ ст. Творчая лабараторыя паэта прадстаўлена дакументамі і кнігамі, сярод якіх адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча «Вянок» і рэліквіі — асабістыя рэчы Багдановіча — ступка і таўкачык для здрабнення лекаў. Мінскаму перыяду творчасці належаць такія шэдэўры беларускай паэзіі як славуты верш «Пагоня» і паэма «Страцім-лебедзь». Несумненным плюсам мастацкага афармлення пакоя з’яўляецца эфект прысутнасці самога паэта, які дасягаецца пры дапамозе раскладзеных на стале прадметаў і штучна створанай ночы — часу, калі Багдановіч працаваў над сваімі творамі.

Акрамя традыцыйных экскурсій і батлеечных прадстаўленняў на базе філіяла праводзяцца музейныя заняткі для дзяцей.